РЭНТГЕНАСТРУКТУ́РНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.
Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення.
А.У.Шэлег.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)